Дзень 21 лютага пачаўся ва ўстанове з урачыстай лінейкі, прысвечанай Сусветнаму Дню роднай мовы.


Цікава і займальна для вучняў 5-9 класаў прайшоў "Калейдаскоп беларускіх прыказак, прымавак, фразеалагізмаў". У час мерапрыемства рабяты з задавальненнем тлумачылі значэнні трапных беларускіх выразаў.


А вучні 3-4 класаў у гэты дзень раскрывалі “Сакрэты беларускай мовы”. Дзеці падарожнічалі па ўсіх абласцях нашай краіны, дзе іх чакалі сакрэты: апостраф, галосныя о, э, а; мяккі знак. А таксама за рознымі беларускімі словамі хаваліся пытанні па мове і літаратуры, на якія вучні актыўна адказвалі.


Далей дзве зборныя каманды вучняў 5 і 6 класаў "ВКЛ" і "Літаркі" змагаліся на лепшых знаўцаў роднай мовы ў аднайменным турніры. У выніку выканання розных заданняў: "Веру - не веру", "Настаўнікі", "Шыфроўка", "Шукаем сказы", "Што гэта? Хто гэта?", "Чацвёртае лішняе" - з перавагай усяго ў 1 бал (13-12) перамогу атрымала каманда "ВКЛ".

Завяршыўся Дзень роднай мовы экспрэс-конкурсам чытальнікаў вершаў, у якім прынялі ўдзел 16 жадаючых з 3 - 9 класаў. Кампетэнтнае журы ацэньвала майстэрства выразнага чытання лірычных твораў па пэўных крытэрыях, а слухачы і балельшчыкі маглі параўнаць свае ўменні з узорным чытаннем.
