21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
У нашай установе адукацыі святкаванне пачалося з урачыстай лінейкі, на якой настаўнікі беларускай мовы і літаратуры расказалі пра гісторыю свята і акрэслілі план мерапрыемстваў з ахопам усіх вучняў ІІІ – ІХ класаў. На працягу дня ўсе стараліся гаварыць толькі па-беларуску, прытрымліваючыся дэвізу “Мова родная – мова модная”.
Карысным для вучняў V-ІХ класаў быў перапынак пасля 2 урока: дзеці прынялі ўдзел у “Калейдаскопе беларускіх прыказак, прымавак і фразеалагізмаў”, за тлумачэнне выразаў атрымаўшы салодкія прызы.
Пазнаваўчай для вучняў V-VI класаў была экспрэс-латарэя “Хто гэта? Што гэта?”, праведзеная пасля 3 урока.
Цікавай і карыснай была і экскурсія ў інтэграваную бібліятэку аг. Выверы, дзе Лемантовіч І.А. падрыхтавала выставу кніг з перакладзенымі на беларускую мову творамі замежных пісьменнікаў і правяла гутарку пра выкарыстанне беларускай тэрміналагічнай лексікі ў сетцы Інтэрнэт.
Вялікае задавальненне атрымалі і вучні пачатковых класаў: у ІІІ класе прайшла віктарына “Беларуская скарбонка”, вучні IV класа з вялікай ахвотай удзельнічалі ў літаратурным брэйн-рынгу “Паўтараем. Размаўляем. Разважаем”.
На завяршэнні святочнага дня вучні VII-ІХ класаў, падзяліўшыся на 2 каманды “Мова” і “Люты”, актыўна праходзілі “Лінгвістычны квэст”. Падчас гульні вучні спраўляліся з рознымі заданнямі на пяці станцыях: “Этнаграфічная”, “Тэрміналагічная”, “Сінтаксічная”, “Энцыклапедычная”, “Перакладчыцкі”.
Дзень роднай мовы атрымаўся насычаным, цікавым і дынамічным, пра што і гаварылі ўдзельнікі мерапрыемстваў у сваіх водгуках – міні-інтэрв’ю.